Зялёны Луг (жылы раён, Мінск)
Зялёны Луг — жылы раён у Мінску. Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы горада побач з хваёвымі масівамі, уздоўж Сляпянскага канала, абапал Лагойскага тракта. Атрымаў назву паводле аднайменнай вёскі. Каля 100 тысяч жыхароў. Вылучаецца дасканалай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхналагічным вырашэннем, добрай архітэктурна-мастацкай якасцю забудовы, высокім узроўнем добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі. Забудоўваецца з 1962 года, аўтарскі калектыў: архітэктары С. Богін, А. Воўк, Ю. Грыгор’еў, І. Грышчынскі, Л. Кліцунова, П. Кракалёў, H. Краўкова, Э. Левіна, С. Мусінскі, I. Сітнікава, Л. Сакалова, А. Шалякін. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Адзіны жылы раён горада, размешчаны ў двух адміністрацыйных раёнах — Савецкім і Першамайскім.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктурна-планіровачная структура жылога раёна заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з ярка акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала ўключае вадаспады, паркавыя басейны, фантаны, падпорныя сценкі, добраўпарадкаваную набярэжную, фарміруе паркавую вось Зялёнага Луга.
Раён забудаваны буйнапанэльнымі і з цэглы жылымі дамамі (5-, 9-, 12-павярховыя), асобныя маюць каскадную пасадку (9—7—5 паверхаў). Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных па малюнку і фактуры аддзелак, пластычных экранаў лоджый, дэкаратыўных сценак, каляровых панэлей.
Буйны маштаб забудовы. Працягласць фронта вуліцы паміж перакрыжаваннямі дасягае 800 м.
Мікрараёны
[правіць | правіць зыходнік]На свабоднай тэрыторыі, прылеглай да вуліц Каліноўскага, Кальцова, Сядых і Шырокай, размясціліся мікрараёны Зялёны Луг 1, 2 і 3 — адны з першых мікрараёнаў Мінска. Забудаваны пераважна 5-павярховымі дамамі. Уздоўж Лагойскага тракта і вуліцы Каліноўскага рытмічна пастаўлены індывідуальна запраектаваныя 9-павярховыя дамы, іх дапаўняюць дамы вежавага тыпу ўнутры мікрараёнаў.
Мікрараёны 4 і 5 (забудоўваліся ў 1980-я) размешчаны ўздоўж Сляпянскай водна-паркавай сістэмы на 2 тэрасах: на ніжняй (вуліцы Каліноўскага, Сядых) пастаўлена група інтэрнатаў кропкавага тыпу з блокамі абслугоўвання, на верхняй (Лагойскі тракт, вуліцы Цікоцкага, Карбышава) — жылыя дамы складанай канфігурацыі, планы якіх адпавядаюць пластыцы рэльефу. Новыя мікрараёны адрозніваюцца ад раней пабудаваных больш буйным маштабам забудовы; у кампазіцыі дваровай прасторы вялікую ролю адыгрывае раскрыццё ўнутранай прасторы ў навакольнае асяроддзе. Пры забудове Зялёнага Луга-5 былі прымененыя каскадныя жылыя дамы пераменнай паверхавасці, размешчаныя ўпоперак гарызанталяў. Нарастанне паверхавасці дамоў у бок павышэння рэльефу падкрэслівала і выяўляла
Працягам забудовы жылога раёна за Лагойскі тракт (вуліца Мірашнічэнкі, МКАД) з'яўляюцца мікрараёны 6 і 7. Праекціроўшчыкамі добра выкарыстаны маляўнічы рэльеф для пастаноўкі ўздоўж гарызанталей працяглых крывалінейных у плане 9-павярховых дамоў, якія кантрастуюць з дамамі вежавага тыпу. Эфект узмацняецца таксама і іх каляровым вырашэннем.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Зялёны Луг (жылы раён, Мінск)